Меню
| ХК Динамо Минск
ХК Динамо Минск
28 февраля 2013

Янне Ніскала: мару пагуляць па беларускім лесе

Абаронца “Дынама-Мінск” адказаў на пытанні карэспандэнткі “Беларускай лясной газеты” Арыны Сандовіч.

Будучы рэстаратар Янне, пачнём з традыцыйнага: як ты ацэньваеш сёлетні сезон сваёй каманды? - Мэтай №1 для нас было прабіцца ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе гуляюць вельмі моцныя каманды. І шанц у нас быў неблагі, бо мы змагаліся да апошняга. Але, на жаль, так склалася, што ўжо зараз казаць… Калі, нягледзячы на ўсе прыкладзеныя намаганні, твая каманда церпіць фіяска, што дапамагае табе перажыць гэты непрыемны момант і рухацца далей? - Тут няма ўніверсальных рэцэптаў: кожную гульню ты перажываешь, як быццам гэта ўпершыню. Перамога заўсёды акрыляе, усе цябе віншуюць і гатовы літаральна на руках несці. Але варта праз пару дзён прайграць, як усё кардынальна мяняецца. Фанаты сумна сыходзяць, а ты яшчэ доўга пад уражаннем ад фіяска, толькі і думаеш: «Чаму? Што я зрабіў не так?» У эмацыянальным плане гэта вельмі цяжка. Безумоўна, але самы цяжкі перыяд для любога спартсмена наступае тады, калі яму трэба завяршаць сваю прафесійную кар’еру і знаходзіць сябе ў новым, постспартыўным жыцці. - Я пакуль аб гэтым не задумваўся. Пачуваю сябе добра, фізічны стан нармальны, таму спадзяюся, што мне хопіць здароўечка, каб гуляць ды гуляць шмат гадоў. У мяне яшчэ ёсць час: мне толькі 31. Не ведаю, як у іншых відах спорту, а ў хакеі 30 гадоў — самы росквіт для гульца: у цябе пакуль ёсць дастаткова фізічнай моцы, а самае галоўнае — у час шматлікіх гульняў ты набыў бясцэнны вопыт, добра ведаеш, дзе могуць быць небяспечныя моманты і як іх абыходзіць. Сталы, вопытны спартсмен у камандзе — годны прыклад і настаўнік для маладых гульцоў. Калі ж аднойчы ўсё ж такі давядзецца завяршыць кар’еру, мяркую, я адкрыю сваю справу, звязаную з рэстаранным бізнесам у родным горадзе Раўма, што знаходзіцца прыкладна ў 300 км ад Хельсінкі. Калі б у цябе была такая магчымасць — пагуляць у хакей з выбітнымі асобамі ўсіх часоў і народаў, каго б ты выбраў? - З задавальненнем пагуляў бы з нацыянальнымі героямі Фінляндыі, каб на лёдзе праверыць іх лідарскія якасці. «Пасля добрай саўны ды ў снег» Янне, табе пашчасціла нарадзіцца ў краіне з такой прыгожай прыродай, як Фінляндыя. - Кожнаму сваё. Хтосьці едзе на поўдзень і ўсход за экзотыкай, а для мяне, як і для большасці фінаў, самы лепшы адпачынак — на ўлонні роднай прыроды, дзе можна бавіць час. Таму сярод гараджан такія папулярныя летнія домікі, якія будуюцца са знакамітай фінскай драўніны, каб можна было ў адпачынак вырвацца з душнага горада, сабрацца ўсёй сям’ёй і добра-добра адпачыць! І я не выключэнне. Домік нашай сям’і стаіць побач з морам. Там так ціха, міла — найлепшы спосаб знімаць стрэс пасля напружанага сезона і проста радавацца прыгажосці прыроды, рыбачыць. А ўзімку самы лепшы час для нашай знакамітай фінскай саўны. Мала хто ведае, але яе абавязковым складальнікам з’яўляецца ледзяная вада. Калі саўна знаходзіцца каля рэчкі ці возера, то там прасякаецца лёд і робіцца купель, калі не, то гарачыя фіны пасля таго як добра прапарацца, кідаюцца адразу ў снег. У нас лічыцца, што ледзяная вада ачышчае цела і душу. І як пасля фінскай прыроды выглядае беларуская? - Вельмі прыгожай, асаб-ліва лясы. Шкада толькі, што бачу іх у асноўным праз вокны аўтобуса, калі едзем на чарговую гульню. З-за напружанага графіка вельмі мала часу застаецца для сябе і сям’і. Але ж я ўсё роўна мару пагуляць па беларускім лесе. Якія віды спорту найбольш папулярныя ў Фінляндыі? - Бясспрэчна, хакей. Калі наша нацыянальная каманда іграе ў сусветным чэмпіянаце або на Алімпіядзе, вуліцы гарадоў і мястэчак літаральна пусцеюць: адна палова фінаў з’ехала падтрымліваць гульцоў на выездзе, а другая — сочыць за імі па тэлевізары. У 2011 годзе мы выйгралі чэмпіянат свету, і ўся Фінляндыя літаральна звар’яцела ад шчасця: дагэтуль каманда 15 гадоў вярталася адтуль ні з чым. Самае цікавае, што ў дзяцінстве я спачатку прафесійна займаўся футболам, а ў вольны час мы з сябрамі фанацелі ад хакею. І ў шэсць гадоў я канчаткова зрабіў свой выбар на яго карысць. Фінансавы крызіс моцна адбіўся на тваёй краіне? - Пэўныя цяжкасці, зразумела, былі, але, дзякуй Богу, мы змаглі не толькі выстаяць, але і не спыняць тэмпаў развіцця нашай эканомікі, якая застаецца стабільнай. Адкрываюцца новыя прадпрыемствы, што адпаведна стварае шмат працоўных месцаў. А як зараз у Фінляндыі адносяцца да людзей з былога СССР? - Вельмі добра. Да нас прыязджае шмат расіян, каб наладзіць свой бізнес, набыць нерухомасць альбо проста за пакупкамі. «У Магнітагорску я перажыў культурны шок»  З мінулага года ты гуляеш за наша «Дынама», ужо паспеў пазнаёміцца з беларускай мовай? - На слых яна гучыць аднолькава з рускай, якую я трошкі разумею, але мне вельмі складана штосьці на ёй сказаць. У «Дынама» шмат замежных гульцоў, у тым ліку і маіх суайчыннікаў, і гэта спрашчае нашу камунікацыю. У адзіноце я дакладна не застануся. Як і ўсе спартсмены, за сваю кар’еру ты шмат дзе пабываў і што пабачыў. Распавядзі, калі ласка, пра свае самыя яркія ўражанні. - Гэта, безумоўна, банальна, але Беларусь здзівіла мяне тым, што тут вельмі добра жыць з сям’ёю, бо ўсё досыць спакойна і ціха. Да таго ж я вельмі ўдзячны сваім паплечнікам па камандзе, якія дапамагалі мне адаптавацца да новых рэалій. Калі я першы год гуляў у Расіі, у Магнітагорску, то са мною адбыўся сапраўдны культурны шок. Здавалася, быццам я на машыне часу апынуўся дзесьці ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Старыя будынкі, мала месцаў для адпачынку ўвечары — усё вельмі адрознівалася ад таго, што я раней бачыў у іншых краінах. Але менавіта гэтым мне і спадабаўся Магнітагорск. Калі ўсё аднолькава — гэта ж так нецікава. А ў Мінску як ты звычайна бавіш свой час? - Я разам з жонкай і дзецьмі вельмі люблю пагуляць па цэнтры Мінска, пакатацца на каньках, а пасля абавязкова пасядзець ва ўтульным рэстаране. Дарэчы, у вас шмат цікавых месцаў адпачынку, гістарычныя помнікі — ёсць на што паглядзець і куды зайсці. Вось не так даўно з сям’ёю наведалі тэатр і цырк, дзе нам вельмі спадабалася. Ты — спартсмен і даўно прызвычаіўся да пераездаў, а вось тваёй жонцы, пэўна, прыходзіцца нялёгка ў новым акружэнні. - Яна ведала за каго выходзіла замуж і што ёй прыйдзецца са мною пераяз-джаць з месца на месца. Таму не думаю, што ёй складана тут. Самае галоўнае, што мы ўсе разам — я, яна і двое нашых дзетак. А ім, як і ўсім малым, вельмі цікава знаходзіцца ў іншай краіне, побач з іншымі людзьмі, і кожны дзень для іх — сапраўднае адкрыццё. Гэта ўсё, безумоўна, узбагаціць іх унутраны свет. Як ты адносішся да таго, што ў наступным годзе Беларусь будзе прымаць чэмпіянат свету па хакеі? - Цудоўна, гэта дае шмат выгод. У вас ёсць добрыя пляцоўкі (тая ж знакамітая «Мінск-Арэна») для правядзення на высокім узроўні мерапрыемстваў такога кшталту. Да вас завітаюць тысячы аматараў хакею, якія будуць сачыць не толькі за гульнямі, але і знаёміцца з новай для сябе краінай. Шмат фінаў дакладна прыедзе — гэта я вам абяцаю. Усё гэта добра паўплывае на сусветны імідж Беларусі, а ваша эканоміка атрымае дадатковы прыбытак. Мінск — вельмі прыгожы горад, і мне прыемна, што чэмпіянат будзе праходзіць менавіта тут. Напрыканцы, што бы ты пажадаў беларускім лесаводам? - У іх складаная і часам нават небяспечная праца, бо ў лесе не толькі дрэвы сустракаюцца, а яшчэ і драпежнікі, і браканьеры. Таму я жадаю беларускім лесаводам удачы, каб нават у самых складаных выпадках ім шчасціла і яны перамагалі абставіны. І зычу здароўя, бо без яго добра не папрацуеш. Ваш 29-й нумар ХК «Дынама-Мінск» Янне Ніскала. www.lesgazeta.by

К списку новостей

Последние новости других рубрик
Регистрация

Динамо-Минск
У вас уже есть аккаунт? Войти
Авторизация
Восстановление пароля
Впервые на нашем сайте?Пройти регистрацию